УЗРО́ВЕНЬ МО́РА,

становішча свабоднай паверхні вады мораў і акіянаў, якое вымяраецца па верт. лініі адносна ўмоўнага пачатку адліку. Вылучаюць У.м. «імгненны», прыліўны, сярэднясутачны, сярэднямесячны, сярэднегадавы і сярэднешматгадовы. У.м. мяняецца пад уздзеяннем ветравых хваляванняў, прыліваў, нагрэву і ахаладжэння паверхні мораў і акіянаў, ваганняў атм. ціску, ападкаў і выпарэння. На Беларусі абсалютныя вышыні пункта зямной паверхні адлічваюцца ад сярэднешматгадовага ўзроўню Балтыйскага м., вызначанага ад нуля футштока ў г. Кранштат Ленінградскай вобл. Расіі.

т. 16, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)